Перед учителем стоит задача модели «Мамонт». Решить, на первый взгляд, нерешаемые задачи.
Сухова Г.А.

Главная / Клуб «Хрустальный журавль» / Учительская клуба / Размышления о насущном

Умовы прафесійнага росту настаўніка

Умовы прафесійнага росту настаўніка

Сухава Галіна Анатольеўна,

настаўніца беларускай мовы і літаратуры

ДУА “Гімназія №5 г. Віцебска”

Многія памыляюцца, калі думаюць, што вучыцца трэба пачынаць 1 верасня. Гэта, насамрэч, не так. Вучыцца трэба пачынаць, калі хочаш змяніць сваё жыццё да лепшага. Калі сур’ёзна, то сваё выступленне  я  падрыхтавала такім чынам, каб  звярнуць  вашу ўвагу, калегі,  на   рэсурсы прафесійнага  ўдасканалення настаўнікаў.

Маё стаўленне да  прафесіі мянялася двойчы. Першы раз, калі  я прыйшла працаваць у школу ў 1994 годзе. З заліхвацкім студэнцкім “А што тут рабіць!” прыйшлося развітацца назаўсёды. Аказваецца, ніводная з класічных методык навучання для маёй тагачаснай настаўніцкай практыкі ніяк не падыходзіла. І тут у маёй свядомасці спрацаваў ментальны блок наёмнага работніка : “Мне павінны: “павялічыць колькасць гадзін на вывучэнне, выдаць новы падручнік, надрукаваць у прадметным часопісе план-канспект урока!”.   На гэтым этапе я прагна засвойвала вопыт настаўнікаў-метадыстаў, якія ўжо навучыліся вырашаць агульныя праблемы педагагічнай практыкі. Са словамі вялікай удзячнасці вітала распрацаванае каляндарна-тэматычнае планаванне ўрокаў і факультатыўных заняткаў, паўрочныя планы-канспекты, электронныя сродкі навучання.  Бурна выказвала незадаволенасць, калі  адсутнічаў нейкі (з пералічаных) складальнік майго камфортнага жыцця ў прафесіі. Цяпер я магу сказаць, што такі “спажывецкі перыяд” у маёй практыцы цягнуўся даволі доўга, амаль 10 год. Камфортнасць забяспечвала навукова-метадычнае суправаджэнне выкладання беларускай мовы і літаратуры. У прынцыпе, на гэтым можна было б і спыніцца, а вызваленым часам (не трэба ж нічога прыдумваць, бяры гатовае і ідзі на ўрок)  распарадзіцца як-небудзь інакш, калі б не  рэфлексіўнасць, калі б не  ўменне прызнаваць свае памылкі. Незадаволенасць прафесійнай нерэалізаванасцю расла.

 Другі раз стаўленне да прафесіі памянялася, калі я ў пошуках адказу на пытанне “А што б такога зрабіць, каб павысіць якасць ведаў вучняў?”, патрапіла на аўтарскія курсы М.І. Запрудскага.  Гэта амаль неверагодная гісторыя пра тое, як настаўніца беларускай мовы і літаратуры вучылася ў  фізікаў. На вялікі жаль, неверагодная. Бо каб змяніць спажывецкую мадэль мыслення настаўніка на прадпрымальніцкую, трэба мець магчымасць, каб побач з табой аказаўся чалавек – выкладчык, метадыст, коўч, які б мог правесці незалежную экспертызу тваёй работы, падказаць індывідуальную траекторыю развіцця, а для гэтага трэба вывесці настаўніка на надпрадметны ўзровень. Уласнымі намаганнямі настаўніку тут не справіцца. Далей яшчэ больш неверагодная гісторыя ўдзелу ў конкурсе прафесійнага майстэрства. Конкурс, як ні дзіўна цяпер прызнацца самой сабе,  навучыў прафесіі. Не адкрыў мой талент, а менавіта навучыў раскрываць прафесійныя ўменні. Разам з тым паказаў, што разумных людзей, якія займаюцца арганізацыяй конкурсу, значна больш за тых, хто на нейкую ініцыятыву адгукаецца прывычным “Ну за што мне ўсё гэта?!”

 Цяпер я лаўрэат конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года РБ 2009”, член рэспубліканскага клуба ўдзельнікаў конкурсу “Крыштальны журавель”, старшыня абласнога клуба прафесійнага майстэрства “Прызнанне”. І калі праводжу адкрытыя ўрокі, майстар-класы для настаўнікаў рэспублікі і вобласці, не забываю сказаць, што перад настаўнікам стаіць задача мадэлі “Мамант” (задача большая за чалавека). А для таго, каб быць паспяховым, запатрабаваным, чалавеку любой прафесіі трэба ўмець, як нашаму далёкаму продку, упаляваць маманта. Вырашыць, на першы погляд, невырашальныя задачы. Аднаму гэта не магчыма. Толькі правільная кааперацыя намаганняў дапаможа. Ніколі не будзе паспяховай практыкі без прадуманай арганізацыйна-метадычнай работы. Прыкладам удалай стратэгіі развіцця гарызантальнай кар’еры настаўніка можа служыць дзейнасць клубаў прафесійнага майстэрства. Ідэя жывога абмену перадавым педагагічным вопытам заваёўвае папулярнасць у нашай краіне, знаходзіць сваіх прыхільнікаў і аднадумцаў у абласцях, выклікае інтарэс у краінах СНД.

Правільная арганізаваная метадычная работа змяніла маё прадстаўленне аб настаўніцкай прафесіі. За кароткі прамежак з 2009 па 2013 год я змагла стрымаць у сабе спажыўца, развіць прадпрымальніцкае мысленне. Гэта не ядзерная фізіка, гэтаму можна навучыцца.

23 мая ў АПА я паспяхова здала экзамен на прысваенне кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст”. Безумоўна, яшчэ адно прызнанне майго прафесійнага росту не можа не радаваць. Засмучае толькі   адно: ці змагу самастойна ўбачыць новыя гарызонты прафесійнага ўдасканалення? Цяпер я, мае калегі – першая пілотная група настаўнікаў-метадыстаў, не маем права на шчаслівы выпадак.

Калегі, дзякуй за ўвагу!